Што рабіць, калі? - Red Cap Must Cry

Што рабіць, калі?

Якія ёсць формы сэксуалізаванага гвалту? Па якіх прыкметах я магу яго распазнаць?

Чым лепш мы разумеем, што такое сэксуалізаваны гвалт і якія могуць быць яго формы, тым з большай верагоднасцю зможам яго распазнаць, і адпаведна адрэагаваць. Важна разумець, што сэксуалізаваны гвалт – гэта не толькі сам палавы акт без вашай згоды, але і прымус, маніпуляванне, дотыкі і шантаж сэксуальнага характару. Умоўна можна падзяліць сэксуалізаваны гвалт на дзве групы: – фізічны сэксуалізаваны гвалт – прымус да сэксуальных дзеянняў без вашай на тое волі, сэксуальныя дамаганні, гвалтоўныя пацалункі, дотыкі да інтымных частак цела. Гэта любыя паводзіны, якія парушаюць вашыя цялесныя межы. – псіхалагічны сэксуалізаваны гвалт – гэта форма гвалту, заснаваная на прыніжэнні, запалохванні, пагрозах і маніпуляцыях. Напрыклад, просьбы паказаць інтымныя часткі цела, навязванне размоў пра сэкс, пагрозы, прымус да ўдзелу ў сэксуальных актах супраць волі.

Як я магу абараніцца ад сэксуалізаванага гвалту?

Важна падыходзіць да гэтага пытання комплексна. Ключавой мэтай тут можа стаць паглыбленне ведаў у тэмах сэксуальнай адукацыі і бяспекі, формах сэксуалізаванага гвалту, папераджальных знаках і наступствах. Наступны пункт – развіццё ўменняў адстойваць свае межы і выказваць пачуцці, навык адмаўляць, калі вы з чымсьці не згодныя, а таксама пошук значнай дарослай персоны, як_ая зможа адказаць на вашы пытанні і падтрымаць. Гэта можа быць нехта з бацькоў ці іншы член сям’і, настаўні_ца ці псіхолаг_іня. Ведайце, што вы не адзінокія і заўсёды можаце звярнуцца па дапамогу. Чым больш вы ўпэўненыя ў сабе і ўстойлівыя сёння, тым складаней вамі маніпуляваць.

Як навучыцца адстойваць свае межы?

Мы можам прапанаваць зрабіць наступнае практыкаванне: Вазьміце ліст паперы і ручку (а лепш завядзіце дзённік) і паспрабуйце распісаць, што для вас азначаюць асабістыя межы, як вы іх акрэсліваеце, як разумееце межы іншых людзей. Надайце час самааналізу і вызначце свае фізічныя, эмацыйныя і псіхалагічныя межы. Час ад часу вяртайцеся да сваіх нататкаў, дапаўняйце іх. Можаце абмеркаваць напісанае з чалавекам, яко_й вы давяраеце, даведацца, як гэта працуе ў іх. Вывучайце тэхнікі развіцця ўпэўненасці ў сабе, напрыклад, выкарыстанне “Я-паведамленняў” – выказванне свайго меркавання ад першай асобы. Пачынайце практыку з невялікіх сітуацый, калі вам прапануюць нешта, чаго вы не хочаце рабіць, або абазначайце свой пункт гледжання, калі вы з чымсьці не згодныя. Умацоўвайце самаацэнку і ўпэўненасць у сабе і памятайце: вы каштоўныя толькі таму, што вы ёсць. Вы маеце права заяўляць пра сябе і быць пачутымі.

Як падтрымаць сяброўку/сябра, як_ая ста_ла ахвярай сэксуалізаванага гвалту?

Можа здарыцца так, што ваша сяброўка ці сябар падзеляцца з вамі сваёй гісторыяй сэксуалізаванага гвалту. Што рабіць і як беражліва падтрымаць блізкую персону? У гэтай няпростай сітуацыі будзьце гатовыя цярпліва выслухаць вашу сяброўку ці сябра. Надайце ўвагу іх пачуццям, не асуджайце і ўстрымайцеся ад парадаў, калі яны не папросяць. Галоўнае – дайце зразумець, што яны могуць спадзявацца на вашую падтрымку. Памятайце, што кожны чалавек апрацоўвае траўматычныя падзеі па-рознаму і ў сваім уласным тэмпе. Прапануйце звярнуцца па прафесійную дапамогу або расказаць пра здарэнне дарослай персоне, якой яны давяраюць. Калі такой персоны няма, вы можаце патэлефанаваць на тэлефон даверу ці звярнуцца ў праваахоўныя органы – важна не ізалявацца, бо гэта ўзмоцніць напружанне. Падумайце разам, каму вы можаце даверыцца, і запытайцеся, як вы можаце дапамагчы.

Калі я перажы_ла эпізод сэксуалізаванага гвалту ад адн_ой з членаў сям'і? Што рабіць?

Па-першае, хочацца вас падтрымаць і сказаць: тое, што з вамі адбылося, – не норма і гэта не ваша віна. Вы гэтага не заслугоўваеце і не нясеце адказнасці за дзеянні друго_й чалавека. Калі блізкі чалавек такім чынам парушае вашыя межы – распадаецца ўвесь свет і давер хоць да каго. Становіцца страшна і сорамна, з’яўляюцца думкі, што вам могуць не паверыць. Любыя эмоцыі і перажыванні тут дарэчныя. Што рабіць? Першае — паклапаціцеся пра ўласную бяспеку і падумайце, да каго з дарослых вы б маглі звярнуцца. Каму вы давяраеце? Хтосьці са сваякоў ці педагогаў? Вы можаце заявіць пра тое, што з вамі адбылося і не пакідаць гэта ў “сакрэце”, нават калі крыўдзіцель_ка вас пра гэта папрасі_ла, маніпулюючы, што будзе толькі горш. Яшчэ вы можаце патэлефанаваць на тэлефон даверу ці звярнуцца ў органы аховы дзяцінства. Гэты крок, хай і самы складаны, але варты таго, каб спыніць гвалт. Калі ў вас ёсць магчымасць, паспрабуйце задакументаваць тое, што здарылася – запішыце дэталі і абставіны здарэння, зрабіце фатаграфіі з бачнымі траўмамі або зрабіце скрыншоты перапіскі. Любыя доказы могуць быць карыснымі ў будучыні, калі справа дойдзе да разгляду. Звярніцеся па дапамогу да прафесійна_й псіхолаг_іні ці папрасіце дарослую персону, знайсці вам так_ую. Спецыяліст_ка будзе побач з вамі ў пражыванні здарэння і дапаможа пераадолець наступствы, аднавіцца. Памятайце, што вы не адзінокія і ёсць людзі, гатовыя вам дапамагчы – дайце магчымасць ім гэта зрабіць.

Думаю, што пройдзе час і я забудуся на гэты непрыемны эпізод, не хочацца нікому распавядаць і псаваць настрой…

Жаданне як мага хутчэй забыцца на непрыемны эпізод і не казаць пра яго – нармальная ахоўная рэакцыя псіхікі на крытычную падзею. Аднак важна разумець, што пасля траўматычнага эпізоду патрабуецца час і падтрымка для акрыяння. Вось некалькі думак, якія могуць вас падтрымаць: – замест таго каб спрабаваць забыць, дайце сабе дазвол і час прызнаць свае эмоцыі і перажыванні, сам факт гвалту. Важна даць сабе прастору, каб заўважыць, як гэтая падзея ўплывае на вас. – усведамляйце, што ваш дабрабыт і перажыванні важныя, нават калі крыўдзіцель_ка спрабуе казаць адваротнае – гэта маніпуляцыя, каб выкарыстоўваць вас. У гэтым мэта і самае небяспечнае наступства – перакананне вас у тым, што вашыя пачуцці і думкі не маюць значэння, як і каштоўнасць вашых інтымных межаў. – не бойцеся звярнуцца па падтрымку. Пагаварыце з надзейнай дарослай персонай, якая можа даць вам эмацыйную падтрымку. Гэта можа стаць гаючым сродкам і дапамагчы вам справіцца з траўмай. Запомніце, што вы не адзінокія ў гэтым працэсе і існуюць людзі, гатовыя падтрымаць вас. Працэс акрыяння можа быць доўгім, але з падтрымкай, крок за крокам, вы зможаце адужаць гэтую траўму і рухацца наперад.

Што сабой уяўляе псіхалагічная дапамога ў выпадку працы з наступствамі сэксуалізаванага гвалту?

Гэта працэс, які дапамагае чалавеку справіцца з траўматычным досведам, выказаць перажыванні і аднавіцца. Адна з галоўных мэтаў – вярнуць адчуванне ўласнай значнасці і цэласнасці карціны свету, цялеснага і псіхалагічнага вобразу сябе. У працэсе тэрапіі спецыяліст_ка будзе фігурай, якая падтрымлівае і дапамагае. У бяспечнай і безацэначнай прасторы вы зможаце выказаць свае эмоцыі, у тым ліку страх, віну і бездапаможнасць, таксама вы даследуеце думкі і перакананні, выкліканыя здарэннем. Тэрапеўтычныя тэхнікі дапамогуць апрацаваць і інтэграваць траўматычны досвед, аднавіць самаацэнку і распрацаваць стратэгіі самаабароны. Кожны выпадак унікальны, адпаведна падыход да псіхалагічнай дапамогі будзе вар’іравацца ў залежнасці ад індывідуальных запытаў і рэсурсаў. Важна знайсці кваліфікаван_ую спецыяліст_ку, як_ая працуе з наступствамі сэксуалізаванага гвалту, каб атрымаць падтрымку і кіраўніцтва, неабходныя для акрыяння.

Што такое асабістыя межы і якія яны бываюць?

Асабістыя межы дапамагаюць пазначыць тое, што для нас важна, расказваць, хто мы ёсць, і выбудоўваць камфортныя ўзаемаадносіны. Ведаць свае межы – гэта значыць ведаць аб сваіх каштоўнасцях, перакананнях, фізічных і псіхалагічных лімітах. Калі нашыя межы парушаюць, мы можам адчуваць злосць, страх, небяспеку. Важна навучыцца заўважаць свае перажыванні і рэагаваць на іх, давяраць сабе і не ігнараваць дыскамфорт. Гэта дапаможа зразумець, што нешта не так, і дзейнічаць.

Фізічныя межы ўключаюць запатрабаванні ў асабістай прасторы, права вырашаць, якія дотыкі, якая дыстанцыя для нас камфортныя. Сюды ж можна аднесці патрэбнасці ў адпачынку і аднаўленні цела. Псіхалагічныя межы звязаныя з увагай да пачуццяў і запатрабаванняў, як сваіх, так і іншага. З разуменнем таго, што для вас важна ў адносінах, што вы гатовыя прымаць, а што не. Размова аб правілах і наступствах іх парушэння і ёсць размова аб межах.

Што зрабіць, каб лепш зразумець свае межы? Паспрабуйце пісьмова адказаць сабе на пытанні: што выклікае ў мяне дыскамфорт? Што я ўспрымаю як небяспеку? Што ці хто дае мне энергію, а што забірае? Як я даю зразумець людзям пра свае межы? Што я адчуваю пры гэтым?  Можаце дапоўніць гэты спіс сваімі пытаннямі для самадаследавання. Адказы можаце абмеркаваць з блізкім чалавекам, заўважаючы падабенствы і адрозненні.

Што такое сэлфхарм і што за ім стаіць?

Сэлфхарм (самапашкоджанне) – нанясенне шкоды сабе самому, што дапамагае выказаць эмоцыі і справіцца з моцным стрэсам. Часта гэта агрэсія, якая не знаходзіць выхаду і накіроўваецца на сябе. Прычыны самапашкоджання ў людзей могуць быць разнастайнымі і часта звязаныя з псіхалагічнымі і эмацыйнымі фактарамі. Напрыклад:

– эмацыйны боль і стрэс: самапашкоджанне як спосаб спраўляцца з інтэнсіўным эмацыйным болем або негатыўнымі пачуццямі, такімі як сум, трывога, злосць, бяссілле. Фізічнае хваравітае адчуванне можа дапамагчы адцягнуцца ад псіхалагічнага болю;

– жаданне кантролю: некаторыя людзі, могуць звяртацца да самапашкоджання, каб аднавіць адчуванне кантролю над сваім целам і эмоцыямі, над сітуацыяй у жыцці;

– сэлфхарм як спроба вызваліцца ад унутранай напружанасці;

– жаданне прыцягнуць увагу: некаторыя людзі могуць звяртацца да самапашкоджання, каб прыцягнуць увагу блізкіх ці выказаць свае эмоцыі, калі ім складана рабіць гэта словамі.

Што можа дапамагчы пазбавіцца ад самапашкоджання?

Важна зразумець, якое запатрабаванне і адчуванне хаваецца за такім спосабам рэгулявання эмоцый. Наступны крок – падумаць, як гэтая патрэба можа быць рэалізавана інакш. Правільны спосаб – пачаць шукаць новыя спосабы выказваць свае эмоцыі. Напрыклад, запісваць свае перажыванні ў дзённік, склеіць калаж, які адлюстроўвае твой стан, намаляваць свой эмацыйны стан, скамячыць і выкінуць. Важна знайсці тое, што прыносіць разрадку эмоцый менавіта вам.

Пры моцным жаданні нанесці сабе шкоду можна накіраваць гэтыя сілы для заняткаў спортам, бегам ці любой іншай фізічнай актыўнасцю. Можна перанакіраваць увагу на тое, што дапамагае расслабіцца – праслухоўванне музыкі, якая падабаецца, гульня з жывёламі, масіраванне шыі.

Што яшчэ можна рабіць: вучыцца перанакіроўваць увагу, дазваляць сабе расслабляцца і клапаціцца пра сябе (цёплы душ, гарбата, чытанне), ёга, дыхальныя практыкаванні, медытацыі, танцы. Яшчэ важна вучыцца быць дабрэйшым/ай і больш спагадлівым/ай да сябе. Пагаварыце з сабой, як з лепшай сяброўкай ці сябрам. Напішыце ліст самому/самой сабе. Апішыце ў ім прыемныя моманты і людзей, якія клапоцяцца пра вас. Чытайце гэты ліст, калі будзе складана, каб нагадаць сабе, што ўсё мяняецца.

Пачуццё прыналежнасці да групы можа быць тым, што падтрымлівае пабудову блізкіх адносін і сувязяў. Можна запісацца на заняткі па інтарэсах, на цікавыя факультатыўныя заняткі – важна, каб была кампанія, дзе вы адчуваеце сябе спакойна.

Што такое эмацыйнае рэгуляванне і чаму гэта важна?

Эмацыйнае рэгуляванне – гэта навык кіравання сваімі эмоцыямі, выказвання іх адэкватна сітуацыі, а таксама эфектыўнага выкарыстання іх для пабудовы ўзаемаадносін (з сабой у тым ліку). Гэта працэс, які ўключае ў сябе распазнанне сваіх эмоцый, разуменне прычын іх узнікнення, а таксама знаходжанне спосабаў іх выяўлення і кантролю.

Што можна рабіць, каб развіваць гэты навык? Увесці сабе ў звычку зважаць на цела, перажыванні, думкі, паводзінныя рэакцыі, якія ідуць за эмоцыяй. Бо часта бывае так, што мы на нешта рэагуем не таму, што ёсць адчуванне, а таму, што праявілася нейкае наша перакананне ў адказ. Можаце пачаць весці дзённік, канал у Тэлеграме, які будзе прысвечаны вашаму ўнутранаму свету. Гэта можа быць плынь думак, можа быць табліца, дзе вы будзеце аналізаваць тое, што адбылося (апісанне плюсаў і мінусаў сітуацыі, што яна дала, а што забрала, уплыў на вас і г.д.), у ім жа могуць быць вашыя ілюстрацыі і калажы.

Рэгуляванню эмоцый і ўстойлівасці мы вучымся не толькі ў перыяд стрэсу, але і ў спакойным стане. Напрыклад, мы можам вучыцца медытацыі і назіранню за дыханнем. Можна ўвесці гэта ў звычку перад сном. Такім чынам мы і вучымся стрэсаўстойлівасці. Гэта не значыць, што мы не рэагуем на стрэс – гэта якраз натуральна. Гэта пра тое, наколькі эфектыўна мы можам аднаўляцца.

Што такое негвалтоўныя зносіны?

Негвалтоўныя зносіны (НГЗ) – гэта падыход да камунікацыі, які абапіраецца на ўзаемаразуменне і супрацоўніцтва. У канфліктных сітуацыях эмоцыі часта бяруць верх, можа з’явіцца крытыка, паспешныя высновы, што толькі пагаршае сітуацыю. НГЗ ставіць за мэту тое, каб людзі пачулі і заўважылі адзін аднаго. З якіх кампанентаў складаецца практыка такіх зносін?

Назіранне. Апішыце пэўны факт, які выклікае ў вас дыскамфорт. Тут важная канкрэтыка, а не ацэнка і інтэрпрэтацыя. Напрыклад: “Ты падвышаеш на мяне голас”.

Пачуцці. Гэта нашая эмацыйная рэакцыя на назіранне, на факт.  Менавіта не думка, довад ці выснова, а апісанне таго, што з намі адбываецца ў адказ на дзеянне чалавека. “Калі ты падвышаеш на мяне голас, я адчуваю, што баюся цябе”.

 

Патрэбы. Гэта каштоўнасці, звязаныя з тым, што для нас важна, і чаго нам не хапае. Чаму важна пра гэта казаць? Таму што іншы бок можа абсалютна не здагадвацца пра гэта, а гэта ў сваю чаргу перашкаджае пабудове надзейных узаемаадносін. Патрэбы могуць быць разнастайныя (падтрымка, увага, бяспека, суперажыванне, адпачынак і г.д.), і калі вы будзеце іх фармуляваць, адказвайце сабе на пытанне: “А што канкрэтна для мяне ў гэтай сітуацыі важна і што было закранутае?” “Калі ты падвышаеш на мяне голас, я адчуваю, што баюся цябе. Мне неабходна адчуваць сябе бяспечна побач з табой, каб давяраць”.

 

Просьба. Яна павінна быць апісана канкрэтна і ясна. У гэтым моманце вы пазначаеце, як патрэба вышэй можа быць задаволена. Тут важна тлумачыць, таму што часта агульныя фразы могуць напаўняцца вельмі розным сэнсам. Патрэба ва ўвазе можа быць для кагосьці паведамленнямі на працягу дня, а для кагосьці падарункамі. “Калі ты падвышаеш на мяне голас, я адчуваю,  што баюся цябе. Мне неабходна адчуваць сябе бяспечна побач з табой, каб давяраць. Я б хацела папрасіць не крычаць на мяне, і я б хацела сябраваць з табой. Без гэтага мне будзе цяжка гэта рабіць”.

Дайце вашаму суразмоўцу магчымасць выказаць сваё меркаванне аб сітуацыі.  Часам нашыя паспешныя высновы звязаныя з тым, што мы чагосьці не ведаем пра чалавека. Практыку НГЗ можна выкарыстоўваць як інструмент разумення сябе і блізкіх. 

Я рашыўся/рашылася расказаць пра тое, што адбыўся гвалт — як я магу сябе падрыхтаваць?

Гэтае рашэнне магло дасца вам нялёгка і выклікаць розныя пачуцці – ад страху да палёгкі. Іх важна заўважыць і расказаць пра іх у тым ліку – гэта дапаможа зняць напружанне. Аповед пра гвалт, які адбыўся, – гэта першы крок у прадухіленні яго наступстваў. Ніжэй будуць прадстаўленыя некалькі пунктаў, якія могуць стаць падтрымкай.

Вырашыце, як хочаце падзяліцца.  Каму, наколькі дэталёва, дзе вы хацелі б гэта зрабіць? У вас ёсць права расказаць роўна столькі, колькі будзе для вас камфортна. Вы можаце адрэпетаваць аповед загадзя.

 

Паклапаціцеся аб сваім фізічным і эмацыйным стане. Падчас аповеду другому/й вы на час можаце пагрузіцца ў мінулае і тыя эмоцыі, што можа выклікаць зваротную рэакцыю ў сучаснасці. Прыгадайце тэхнікі дыхання, зазямлення, рэлаксацыі – тыя тэхнікі, якія дапамагаюць менавіта вам.

 

Будзьце гатовыя, што рэакцыя можа быць разнастайная. І гэта натуральна. Кожнаму патрэбны час, каб апрацаваць любое апавяданне ці сітуацыю. Гэта можа быць шок, шкадаванне, жаданне дапамагчы. Перад або пасля аповеду вы можаце расказаць чалавеку пра свае патрэбы і чаканні, даць зразумець, як ён/яна можа вас падтрымаць і што зрабіць (пабыць з вамі ў цішыні, знайсці разам псіхолага, патэлефанаваць у міліцыю).

Паклапаціцеся пра сябе пасля аповеду. Адпачніце, падыхайце – зрабіце тое, што для вас значыць клопат пра сябе. Вы зрабілі вялікую працу і смелы крок.

Чаму дзеці маўчаць пра тое, што з імі адбыўся сэксуалізаваны гвалт?

Робяць яны гэта па некалькіх прычынах, але ў цэлым важна разумець, што сэксуалізаваны гвалт становіцца для дзіцяці падзеяй, якая траўмуе і ўплывае практычна на ўсе сферы іх жыцця. Вось ключавыя моманты, чаму дзіця не кажа пра тое, што здарылася: – пачуцці, звязаныя з падзеяй: дзеці ў гэты момант перажываюць моцныя і, часам, супярэчлівыя эмоцыі – тут і страх перад пакараннем ці тым, што ім не павераць; і віна за тое, што здарылася; сорам, адзінота, перажыванне здрады, разгубленасць, напружанне; – маніпуляцыі з боку агрэсара: часта чалавек, як_ая здзяйсняе сэксуалізаваны гвалт, маніпулюе дзіцем, карыстаецца іх уразлівасцю і няведаннем, ужывае фразы: “Табе і так ніхто не паверыць!”, “Мы мусім трымаць гэта ў сакрэце, ты ж мяне любіш і нікому не раскажаш, праўда?”; – няведанне: дзеці могуць не разумець, што з імі адбываецца нешта дрэннае, калі, з аднаго боку, яны ніколі не чулі пра разнастайныя формы сэксуалізаванага гвалту, а з другога – іх пераконваюць, што “тое, што адбываецца, гэта нармальна”.

Якія могуць быць наступствы сэксуалізаванага гвалту для дзіцяці?

Наступствы гвалту будуць залежаць ад шматлікіх фактараў, але перш за ўсё ад таго, былі эпізоды шматразовымі ці аднаразовым, а таксама ад таго, адбылося гэта ў сям’і ці па-за ёй. Па статыстыцы гвалт над дзіцем часцей здзяйсняе знаём_ая або родн_ая ім чалавек, што можа яшчэ мацней пагоршыць наступствы і падарваць давер. Можна вылучыць такія асноўныя аспекты наступстваў: – праблемы з рэгуляцыяй эмоцый і пачуццяў, напрыклад, некантраляваныя ўспышкі гневу; – няўстойлівасць або непрадказальнасць у выбудове адносінаў з іншымі людзьмі; – пашкоджанні вобразу Я, карціны свету і сістэмы каштоўнасцяў – дзіця ставіць пад сумнеў усё, у што яны дагэтуль верылі, страчваюцца назапашаныя апоры і цэласнасць сябе; – праблемы ў паводзінах: для таго каб справіцца са стрэсам і напружаннем, дзіця можа пачаць ужываць псіхаактыўныя рэчывы, парушаць межы іншых або наадварот сыходзіць у ізаляцыю і аўтаагрэсію.

Як я яшчэ магу зразумець, што дзіця сутыкнулася з гвалтам сэксуалізіванага характару?

Разуменне наступстваў і будзе тымі першымі прыкметамі, на якія варта звярнуць увагу і не ігнараваць. З агульных крытэрыяў можна дадаць: – падвышаная эмацыйнасць ці наадварот стрыманасць, раўнадушша і скрытнасць, – начныя жахі, – энурэз, не звязаны з медыцынскай праблемай, – зніжэнне ўзроўню паспяховасці ў школе, – боязь дотыкаў і плач без прычыны, – празмерная, неадпаведная ўзросту заклапочанасць тэмамі, звязанымі з сэксам, канцэнтрацыя на геніталіях. У любым выпадку, калі вы заўважаеце, што паводзіны вашага дзіцяці кардынальна змяніліся, – важна ініцыяваць размову, каб адзін бок мог зразумець прычыны зменаў, а другі – пабачыць, што яны не адныя.

Што рабіць, калі дзіця распавяло мне пра эпізод сэксуалізаванага гвалту, які з ім адбыўся?

Хутчэй за ўсё першай рэакцыяй на пачутае будзе шок, агрэсія і разгубленасць, жаданне адразу ж пакараць вінават_ую, жаданне эмацыйна адрэагаваць на сітуацыю. Будзьце акуратнымі – паспрабуйце адрэгуляваць інтэнсіўнасць эмоцый, якія выказваеце (калі прадэманструеце глыбокі жах, дзіця яшчэ больш заглыбіцца ў свой страх і бяссілле). Менавіта ў гэты момант дзіця мае патрэбу ў падтрымцы і ўпэўненасці ў вас як у дарослай персоне, надзейнай і ўстойлівай, гатовай узяць на сябе адказнасць. Важна: тут мы кажам пра рэгуляванне, але не прыгнятанне эмоцый – заўважце іх, прагаварыце, знайдзіце прастору, дзе вы маглі б іх бяспечна выказаць. Першае і самае важнае: клапаціцеся пра бяспеку дзіцяці, фізічную і псіхалагічную. Далей, з аднаго боку, важна высветліць абставіны здарэння, з другога – падтрымаць дзіця, быць з імі побач і не распытвацца, чакаць столькі, колькі спатрэбіцца. Абмяркуйце наступыя дзеянні (інфармаванне праваахоўных органаў, аховы здароўя) і блізкую будучыню – гэта знізіць трывожнасць і надасць устойлівасці як дзіцяці, так і вам.

Я заўважы_ла ў свайго дзіцяці сінякі на сцёгнах, бліжэй да геніталій. Як правільна запытацца, што адбылося?

Яшчэ да пытання важна заўважыць свае эмоцыі і думкі, не дазваляць уяўленню раскручваць трывогу і пабудову сцэнарыяў, заснаваных не на фактах. Будзьце з дзіцем шчырымі і акуратнымі, выкарыстоўвайце спакойны і эмацыйна стабільны тон. Абярыце знаёмае камфортнае месца, задайце прамое, але ўважлівае пытанне: “Я б хаце_ла з табой пагаварыць, у цябе ёсць час? Я заўважы_ла сінякі на тваім целе, ці можаш ты расказаць мне, што здарылася? Я тут, каб дапамагчы і падтрымаць цябе”. Слухайце дзіця ўважліва і без асуджэння, паказвайце, што вы ім верыце. Зыходзячы з адказу, калі ўсё ж гвалтоўныя дзеянні мелі месца, паведаміце ім пра вашыя наступныя дзеянні. Новы крок – кантакт з лекарамі і праваахоўнымі органамі, псіхолагамі. Важна паказаць вашаму дзіцяці, што вы на іх баку, вы іх абароніце.

Ці нармальна абмяркоўваць тэму сэксу з дзіцем і як?

Так, размаўляць на тэму сэксуальнасці і мераў бяспекі патрэбна і важна. Гэта не павінна быць адна размова, а хутчэй серыя гутарак, адпаведная ўзросту і сталасці дзіцяці. У гутарцы імкніцеся быць простымі і зразумелымі, завіце рэчы сваімі імёнамі, заўважайце свае пачуцці. Напрыклад, калі вы кажаце пра геніталіі, але пры гэтым саромеецеся і бянтэжыцеся, дзіця таксама стане ўспрымаць гэта іх нешта сараматнае. Важна не рабіць з гэтай тэмы табу – у першую чаргу для бяспекі дзіцяці. Галоўная мэта гутарак – сэксуальная адукацыя, тлумачэнне важнасці захавання межаў і канцэпцыі ўсебаковай згоды ў сэксе, права сказаць “не”. Таксама важным блокам будзе абмеркаванне тэмаў, звязаных з сэксуалізаваным гвалтам і бяспекай: што гэта такое і якія могуць быць яго праявы, як рэагаваць і як сябе абараніць.

Як я магу зберагчы сваё дзіця ад сэксуалізаваных дамаганняў?

Важна зразумець: нават калі вы вельмі добрыя бацькі – вы не можаце ўсё кантраляваць, у прыватнасці тое, што адбудзецца з дзіцем у будучыні. Найлепшае, што можна зрабіць зараз, – развіваць адносіны і паглыбляць давер паміж вамі, мінімізаваць рызыкі праз інфармаванне аб формах сэксуалізаванага гвалту, рэакцыі на іх. Раскажыце свайму дзіцяці пра цела і межы, растлумачце правіла “ніжняй бялізны”: тое, што ніжняя бялізна пакрывае – гэта інтымныя часткі цела, якія іншыя людзі могуць бачыць або чапаць толькі з іх дазволу. Скажыце, што паводзіны, пры якіх хтосьці спрабуе дакранацца да іх, просіць паказаць ці зняць адзенне, – недапушчальныя, таму варта адразу сігналізаваць аб гэтым крыўдзіцел_цы, а таксама значнай дарослай персоне. Раскажыце дзіцяці пра добрыя і дрэнныя сакрэты, абазначаючы, што сакрэты, звязаныя з іх целам, парушэннем бяспекі, маніпуляцыямі – гэта дрэнныя сакрэты, і пра іх варта расказваць блізкім людзям. Распрацуйце і прагаварыце з дзіцем дакладны план рэакцый-дзеянняў на падазроныя паводзіны.

Што яшчэ мне як маці / бацьку важна ведаць?

Памятайце, што для дзіцяці важна не толькі тое, што вы кажаце, але і як, з якімі эмоцыямі. Немагчыма кантраляваць будучыню, але можна дзейнічаць сёння. Развівайце вашы адносіны з дзіцем, будзьце адкрытымі і даступнымі для іх, падтрымлівайце ў цяжкія моманты, стварыце прастору, дзе яны могуць распавядаць пра свае асцярогі. Надавайце ўвагу не толькі дзіцяча-бацькоўскім адносінам, але і партнёрскім, бо на дзіця яны таксама ўплываюць. Цёплы клімат у сям’і дапамагае адчуць сябе ў бяспецы, пачувацца прынятымі і важнымі. Дэманструйце (а не толькі кажыце), што азначаюць такія канцэпты як выбудоўванне межаў, размовы аб перажываннях, клопат і павага. Скарыстайцеся дапамогай адмыслоўцаў. Калі ў вас ёсць падставы меркаваць, што дзіця можа стаць ахвярай сэксуалізаванага гвалту, звярніцеся па кансультацыю ў органы аховы дзяцінства, падзяліцеся сваімі перажываннямі з чалавекам, якому давяраеце. Памятайце, што вы таксама можаце атрымаць падтрымка, важна пра яе папрасіць.

У чым асаблівасці падлеткавага ўзросту?

Класічны падлеткавы ўзрост лічыўся прыкладна з 10 да 18 гадоў, зараз жа ўсё больш гавораць аб яго павеліченні аж да 26. Чаму? Свежыя дадзеныя пацвярджаюць, што мозг чалавека цалкам фармуецца бліжэй да 30 гадоў. Менавіта з-за гэтага дзеці могуць праяўляць імпульсіўныя паводзіны, не заўсёды звяртацца да крытычнага мыслення або бурна рэагаваць – гэта адбываецца роўна таму, што структуры мозгу, адказныя за гэтыя функцыі, яшчэ фармуюцца.

Што тут галоўнае? У гэтым узросце адбываецца палавое саспяванне, мяняецца цела, карціна свету, фігуры бацькоў сыходзяць на другі план, а група аднагодкаў становіцца галоўным аўтарытэтам. Адна з асноўных задач тут – фармававанне ідэнтычнасці. У дынамічных зменах дзіця імкнецца адказаць на пытанне “хто Я?”. На дапамогу прыходзяць бунт, зачараванні і расчараванні, спробы рознага/рознай сябе.

Што мне рабіць як бацьку/маці? Суправаджаць, прымаць і падтрымліваць дзіця на гэтым шляху. Часта за яго/яе моцнымі эмоцыямі стаіць просьба аб дапамозе. Напрыклад, за фразай: “я цябе больш не люблю”, можа быць “мне цяпер вельмі складана, пабудзь са мной побач”. Дайце яму/ёй зразумець, што вы застаяцеся надзейным дарослым, нягледзячы на любыя каментары. Выконвайце і паважайце яго/яе межы і жаданні – гэта іх права, і права памыляцца ў тым ліку. Заўважце дарослага ў вашым дзіцяці і падтрымлівайце гэта.

Рабіце крок насустрач, незалежна ад таго, наколькі цяжка. Так, падлеткі могуць быць даволі жорсткімі ў словах. Але тым самым вы, па-першае, паказваеце свайму дзіцяці, што прымаеце і кахаеце яго/яе. Па-другое, паказваеце, як можна вырашаць канфлікт канструктыўна. Калі дзіця кажа вам непрыемныя словы, не саромейцеся прагаварыць свае пачуцці. Напрыклад: “Ты ведаеш, мне было крыўдна гэта пачуць”. Дазвольце яму/ёй самому прыйсці да высновы і разабрацца ў перажываннях і адлюстраваннях, што вы заўважаеце.  Напрыклад, замест “чаму ты сябе так паводзіш?”, скажыце: “Я адчуваю, што табе нешта не падабаецца, што ты злуешся. Ці так гэта?”

Калі вы сутыкнуліся з парушэннем загадзя абумоўленых правіл – дайце падлетку адчуць наступствы. Выразна і ясна растлумачце магчымыя рашэнні, затым дайце магчымасць абраць, што будзе для яго/яе больш прымальным. Такім чынам ён/яна вучыцца несці адказнасць за свае дзеянні.

Пра што казаць з падлеткам у кантэксце псіха-сэксуальнай адукацыі?

Важна, каб размовы на тэмы цела, саспявання і блізкасці былі хутчэй пастаяннай практыкай, чым выключнай падзеяй – гэта здыме напружанне з гэтых тэм і дасць дзіцяці зразумець, што абмяркоўваць інтымныя пытанні не сорамна. Паступова, па меры сталення, раскрывайце тэмы ўсё больш, паглыбляючы і дапаўняючы раней сказанае. Інфармаванне і дакладнае разуменне дзіцём, што рабіць, калі яму штосьці пагражае, – адзін з галоўных шляхоў да абароненасці.

Добра, калі б да падлеткавага ўзросту дзіця ўжо ведала, як называюцца розныя часткі цела, у тым ліку геніталіі, разумела палавыя адрозненні, варыяцыі, ведала адказ на пытанне “адкуль бяруцца дзеці”.

Да 9-12 гадоў раскажыце дзіцяці аб палавым саспяванні і маючых адбыцца зменах, аб менструацыі і палюцыі, правілах гігіены, аб закаханасці і аб тым, на што зважаць у адносінах. Паказвайце сваё пазітыўнае стаўленне да цела, змен, самадаследавання і самавыяўлення дзіцяці.

Па меры сталення ўводзьце размовы пра першы сэксуальны кантакт, актыўную згоду,  аб гендэрнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, аб метадах кантрацэпцыі і захворваннях, якія перадаюцца палавым шляхам. Вучыце дзіця павазе і ўвазе да сябе і іншага, расказвайце аб тым, што сэкс – гэта не толькі фізічны акт, але і спосаб выказвання пачуццяў і блізкасці.

Раскажыце пра тое, што такое сэксуалізаваны гвалт, прывядзіце прыклады яго розных формаў (непажаданыя дакрананні, пацалункі, просьбы сэксуальнага характару, маніпуляцыі і г.д.). Выразна і ясна прагаварыце, як сябе паводзіць і да каго звярнуцца, калі ён ці яна будуць адчуваць дыскамфорт.

Псіха-сэксуальная адукацыя і сумеснае абмеркаванне інтымных тэм дазваляюць фармаваць здаровы падыход да сэксуальнасці і цела, дапамагаюць у пераадоленні стэрэатыпаў, а таксама ў разуменні сябе і свайго працэсу змен.  Дзякуючы камунікацыі вы таксама развіваеце вашыя адносіны, умацоўваючы давер і ствараючы бяспечную прастору для развіцця.

Міфы аб сэксуалізаваным гвалце

Большасць выпадкаў сэксуалізаванага гвалту здзяйсняецца незнаёмымі людзьмі

Па статыстыцы пераважная большасць выпадкаў сэксуалізаванага гвалту здзяйсняецца якраз знаёмым чалавекам. Гэта можа быць бацька, дзядзька, цётка, іншыя члены сям’і, гэта могуць быць настаўнікі, сябры – гэта значыць людзі, да якіх ёсць давер. Тут не важны статус, а хутчэй тое, што для гэтага чалавека не важныя бяспека і камфорт іншага, прыярытэт – уласныя запатрабаванні. Аўтар гвалту падбіраецца да дзіцяці, залучае яго ў гульні, зносіны, а затым, выкарыстоўваючы давер і ўразлівасць, паступова парушае цялесныя і псіхалагічныя межы.

Чалавек, з якім адбыўся эпізод сэксуалізаванага гвалту, адразу пра гэта заяўляе.

На жаль, апытанні кажуць пра адваротнае. Часта аб перажытым эпізодзе сэксуалізаванага гвалту людзі заяўляюць толькі ў дарослым узросце. Для гэтага ёсць некалькі прычын: табуяванасць тэмы;  страх, сорам і пачуццё віны; перакананне, што агалоска нічога не зменіць; нежаданне дастаўляць сабе фармальныя праблемы; “клопат” пра чалавека, які здзейсніў гвалт і гэтак далей. У кароткатэрміновай перспектыве людзі імкнуцца сябе абараніць тут і зараз. У доўгатэрміновай – замоўчванне дазваляе гвалту існаваць і разбураць. Свет вакол успрымаецца як варожы і небяспечны. Усе гэтыя наступствы і спыняюць падлетка заяўляць аб тым, што здарылася.

Тыя, хто перажыў эпізод сэксуалізаванага гвалту, не змогуць больш будаваць адносін.

Хоць сэксуалізаваны гвалт становіцца траўматычнай падзеяй, важна памятаць, што, па-першае, наступствы будуць адрознівацца ад умоў самога факту гвалту (ці адбылося гэта ў сям’і ці па-за ёй; ці быў гэта разавы эпізод ці той, што паўтараўся). Сюды ж мы аднясем сямейныя (эмацыйны клімат, узровень даверу і прыняцця) і сацыяльныя (узровень жыцця, адкрытасць і наяўнасць кантактаў) фактары. Па-другое, нават з самымі комплекснымі выпадкамі можна працаваць і мець пазітыўны прагноз аднаўлення. Пры своечасовай псіхатэрапіі і жаданні чалавека працаваць з тым, што адбылося, з вялікай упэўненасцю можна сказаць, што чалавек навучыцца будаваць шчаслівыя адносіны, незалежна ад таго, якія падзеі мелі месца ў мінулым.

Што адбываецца з бацькамі і блізкімі дзіцяці, якое перажыло эпізод сэксуалізаванага гвалту?

Гвалт над дзецьмі можа адбывацца як унутры сям’і, так і па-за ёй. Кожны з гэтых варыянтаў будзе выклікаць шмат разнастайных і моцных рэакцый. Члены сям’і адчуваюць змешаныя пачуцці ў адносінах да таго, каго падазраюць у здзяйсненні гвалту – унутры ўзнікае напружанне і цяжкасці з даверам.

 

Першая рэакцыя на пачутае – гэта часцей за ўсё шок і жах. Бацька/маці можа сказаць дзіцяці: “Я не веру ў тое, што гэта адбылося”. Гэта яшчэ не азначае, што ён/яна сапраўды не верыць, часта гэта псіхалагічная абарона, спосаб справіцца з пачутым. Калі першасны шок праходзіць, бацькі задумваюцца пра мінулае, успамінаюць дэталі, будуюць здагадкі. Тут могуць з’явіцца агіда, страх, смутак, гнеў і іншыя рэакцыі. Гэта можа выклікаць знясіленне і глыбокае пачуццё віны за тое, што яны не абаранілі сваіх дзяцей.

 

Перажыванні бацькоў пацярпелых дзяцей могуць быць мацнейшымі, калі яны самі былі ахвярамі гвалту ў мінулым. У выніку таго, што яны не былі абароненыя ў дзяцінстве, яны альбо будуць занадта занепакоеныя, што можа прывесці да перабольшання фактаў, альбо, наадварот, не будуць заўважаць прыкметаў гвалту і не рэагаваць зусім, бо не ведаюць, як ім быць.

Важна, каб у працэсе перажывання бацькі не выбіралі ізаляцыю і не заставаліся з гэтым сам-насам. Гэта прыводзіць да назапашвання напружання як у дзіцяці, так і ў бацькоў, умацоўваючы пачуццё адзіноты, віны і стыгматызацыю. У канчатковым выніку гэта перашкаджае аднаўленню.

Як выглядае сямейная тэрапія ў кантэксце псіхалагічнай дапамогі дзіцяці?

Асноўны напрамак работы псіхолага – работа з бацькамі і сем’ямі. Гэта звязана з тым, што сям’я, у большасці выпадкаў, мае вырашальнае значэнне для далейшага дабрабыту дзіцяці. Стратэгія працы псіхолага будзе залежаць ад шматлікіх фактараў (дзе адбыўся гвалт, што было пасля, асаблівасці асобы, сацыяльныя фактары і г.д.), але ў любым выпадку сумесныя сесіі дзіцяці і бацькоў (ці аднаго з іх) пазітыўна адбіваюцца на працэсе аднаўлення. Дзякуючы гэтаму бацька/маці лепш разумее дзіця і яго перажыванні, умацоўвае давер, вучыцца сам(а) спраўляцца са сваімі перажываннямі.

 

Якія варыянты могуць быць? Бацька/маці можа час ад часу ўдзельнічаць у сесіях “бацька/маці-дзіця”, дзе яны разам будуць вучыцца прыёмам эмацыйнай рэгуляцыі і ўменням даць рады, размовах на тэму гвалту і яго наступстваў. На сесіі дзіця можа дзяліцца з бацькам/маці сваімі перажываннямі і прагрэсам (напрыклад, калі ён/яна пісалі аповед пра тое, што адбылося, яны могуць вырашыцца яго зачытаць). Паралельна бацька/маці можа ўдзельнічаць у індывідуальнай тэрапіі, каб адрэагаваць і зразумець свае перажыванні, навучыцца з імі ўзаемадзейнічаць і выказваць іх бяспечна. Якая праца яшчэ можа быць у гэтым кантэксце? Выпрацоўка хатніх правілаў, мінімізацыя абвінавачанняў, навучанне бацькоўскім навыкам. У бяспечным тэрапеўтычным асяроддзі вы не толькі ўсведамляеце і выяўляеце пачуцці, даведваецеся новае, але і ўжываеце гэта на практыцы, атрымліваючы досвед пераадолення і інтэграцыі.

Падборка кніг для бацькоў на тэму псіха-сэксуальнай адукацыі:

Мамэн Хіменэс. Як размаўляць з дзецьмі на нязручныя тэмы

Палавое выхаванне – навошта яно трэба? З якога ўзросту варта пачынаць гутаркі? І што менавіта трэба расказваць свайму дзіцяці? Пра гэта і многае іншае вы даведаецеся з гэтай кнігі, напісанай дасведчаным сямейным псіхолагам. 

 

Робі Харыс. Давай пагаворым пра ГЭТА. Аб дзяўчынках, хлопчыках, немаўлятах, сем’ях і целе

Ад выдавецтва: міжнародны бэстсэлер па тэме інтымнага выхавання, які заваяваў давер тысячаў бацькоў і дзіцячых спецыялістаў. На думку псіхолагаў, з дзіцём трэба размаўляць на далікатныя тэмы, звязаныя са зменамі ў целе, адрозненнямі паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, іх адносінамі, цяжарнасцю мамы, нараджэннем і ўсынаўленнем. Кніга стане ў гэтым выдатным правадніком.

Юлія Ярмоленка, Мар’яна Гілевіч. Інтымны лікбез з бацькамі і без

Ад выдавецтва: гэтая кніга раскажа пра вельмі важнае — органы, якія мы прыкрываем бялізнай. Не таму, што яны брыдкія ці ганебныя, а таму, што да іх мы ставімся вельмі беражліва і далікатна. Іх называюць палавымі органамі ці геніталіямі. Яны маюць патрэбу ў асаблівым доглядзе, і менавіта пра іх мы і пагаворым.

 

Ганна Лявінская.  Без сакрэтаў.  Як беражліва і ўпэўнена гаварыць з дзецьмі аб целе, адносінах і бяспецы

Ад выдавецтва: аўтар, педагог і шматдзетная маці, сабрала мноства гісторый сем’яў, адказала на пытанні, якія могуць узнікнуць у перыяд палавога саспявання дзіцяці і да яго, а таксама распісала ўсе магчымыя памылкі, якія не варта дапускаць. Уся інфармацыя падзелена на 4 вялікія блокі: ад 0 да 18 гадоў.

Як падлеткам, бацькам і спецыялістам выкарыстоўваць гульню

“Red Cap Must Cry” – мабільная гульня супраць гвалту, створаная на аснове рамана нямецкай аўтаркі Беаты Тэрэзы Ханіка.

Гульня расказвае гісторыю 13-гадовай Мальвіны, якой не паверылі дарослыя. Яна паказвае ўнутраныя перажыванні дзяўчынкі і яе шлях да таго, каб гучна казаць аб пачуццях і тым, што адбываецца. Пераходзячы ад аднаго раздзела да іншага, гулец знаёміцца з сям’ёй дзяўчынкі, сяброўкай Лізі, яе марамі і планамі на лета, а таксама вучыцца быць адважным, заяўляючы аб тым, што турбуе. Дэмаверсія гульні складаецца з двух частак, а таксама ўключае ў сябе бібліятэку з псіхалагічнымі рэкамендацыямі для падлеткаў і бацькоў.

Як можна выкарыстоўваць гульню? Вось некалькі ідэй.

Калі я падлетак? Гульня распавядае гісторыю аднагодкі і ўзнімае актуальныя тэмы: узаемаадносіны ў сям’і, закаханасць, сяброўства. Гледзячы на гісторыю Мальвіны, вы можаце падумаць аб героях у гэтай гісторыі, іх перажываннях, абмеркаваць іх паводзіны і тое, што ў гэтым вас збянтэжыла. Якую параду вы б далі Мальвіне? Як яна магла б сябе абараніць? Што б вы сказалі яе бацькам? Паспрабуйце адказаць на гэтыя пытанні самастойна, з сябрамі ці бацькамі.

Калі я бацька ці маці? Гульня можа стаць падставай абмеркаваць тэму бяспекі ў кантэксце псіха-сэксуальнага выхавання. Прайдзіце яе разам і падзяліцеся сваімі перажываннямі і думкамі, якія ўзнікалі падчас. Пасля абмяркуйце, што прымальна, а што не адносна псіхалагічных і цялесных межаў, як дзіця можа сябе абараніць і што рабіць, калі ён/яна заўважыць жахлівыя паводзіны. Дазваляйце дзіцяці задаць пытанні, нешта растлумачваць – усё гэта ўмацуе давер паміж вамі і дасць упэўненасць, што з вамі можна абмяркоўваць інтымныя тэмы.

Калі я спецыяліст? Гульню можна ўспрымаць як адзін з інструментаў для навучання навыкам эмацыйнай рэгуляцыі і абароны сябе. Акрамя таго, што можна разбіраць асобна кожнага персанажа, паводзіны і тое, якія пачуцці яны выклікалі, можна казаць аб тым, а што з гэтымі пачуццямі далей рабіць, а таксама разам рэпетаваць адказы на паводзіны дзядулі ці мамы.

Для ўсіх гульня можа стаць падставай задумацца і адказаць сабе на пытанні: а як мне ўвогуле з гэтай тэмай? Якія пачуцці гэта ўва мне выклікае? Якая мая першая рэакцыя на персанажаў і ці звязана гэта неяк з маёй асабістай гісторыяй? Ці камфортна мне размаўляць на гэтую тэму? Як я магу вучыцца і вучыць навыкам эмацыйнай рэгуляцыі, увазе да псіхалагічных і цялесных межаў? Для экалагічнасці і бяспекі пры праходжанні дэмаверсіі нагадвайце сабе, што гэта толькі гульня. Праводзьце гэтую мяжу паміж вамі і Мальвінай – гэта яе гісторыя, не ваша.

Як выбудоўваць асвету адносна тэмы сэксуалізаванага гвалту і чаму гэта важна?

Асвета іграе вырашальную ролю ў павышэнні дасведчанасці людзей аб праблеме сэксуалізаванага гвалту. Чым больш людзі ведаюць пра гэта, тым лепш яны могуць разумець патэнцыйныя небяспекі, распазнаваць небяспечныя паводзіны і вучыцца выразна на іх рэагаваць. Вось яшчэ некалькі “за”, каб увесці серыю мерапрыемстваў аб палавым выхаванні ў вашай установе:

– гэта здымае табу і нармалізуе тэмы, звязаныя з сэксуальнасцю і цялеснасцю, што ў сваю чаргу памяншае сорам, напругу і страх. Калі дзіця разумее, што гэта акей казаць аб сваім фізічным дыскамфорце – яму/ёй пра гэта казалі дарослыя, то з большай верагоднасцю, калі нешта здарыцца, ён/яна пра гэта раскажа;

– праграмы асветы дапамагаюць павысіць псіхалагічную пісьменнасць праз навучанне практыкам негвалтоўных зносін, стрэсаўстойлівасці і эмацыйнага рэгулявання. Гэта, у сваю чаргу, стварае больш бяспечнае асяроддзе для выяўлення і развіцця дзяцей;

– гэта можа зменшыць стыгматызацыю людзей, якія перажылі эпізод гвалту, і стварыць больш аб’ектыўнае ўспрыманне сітуацыі.

Гэтыя думкі і мэты важна даносіць на сваіх мерапрыемствах, распрацоўваючы праграмы комплексна. Калі вы распрацоўваеце план на год, распішыце мінімум адно мерапрыемства ў месяц,  прысвечанае тэме псіха-сэксуальнай адукацыі і бяспекі. Адштурхвайцеся ад узросту, з якім працуеце, і тых навыкаў, якім хочаце навучаць. Запрашайце на свае мерапрыемствы юрыстаў, медыкаў, псіхатэрапеўтаў, спецыялістаў, якія працуюць у ахове дзяцінства. Пытайце, а што было б цікава даведацца самім дзецям. Таксама важная праца з бацькамі і настаўнікамі – раскажыце ім пра наступствы сэксуалізаванага гвалту, абазначаючы магчымыя знешнія прыкметы. Растлумачце дакладны план дзеянняў, калі яны заўважылі нешта падазронае.

Мэты і задачы тэрапіі дзяцей, якія перажылі сэксуалізаваны гвалт

Перажыванне любой формы гвалту з’яўляецца для дзіцяці псіхалагічнай траўмай, здольнай паўплываць на развіццё яго асобы і прывесці да наступстваў на розных узроўнях. Праца з дзіцём, якое перажыло эпізод сэксуалізаванага гвалту, можа стаць сур’ёзным прафесійным выклікам, які патрабуе ведаў, асобаснай сталасці і адказнасці. У адным тэксце немагчыма расказаць усе нюансы працы, бо да кожнага выпадку варта падыходзіць індывідуальна, улічваючы ўсе асаблівасці і рэсурсы. Тым не менш тут трэба паказаць асноўныя мэты і задачы тэрапіі.

Першая стратэгія – крызіснае ўмяшанне. Прызначана для працы з дзецьмі (і іх сем’ямі), калі адбыўся аднаразовы эпізод гвалту, хутчэй за ўсё па-за сям’ёй. Тут асноўныя задачы – гэта эмацыйная падтрымка і нармалізацыя псіхалагічнага стану дзіцяці і бацькоў, пошук стратэгій дазволу канкрэтнага запыту. Важна, што тут мы не ідзем у працу з асобаснымі асаблівасцямі, а канцэнтруемся на наступствах тут і зараз. Што важна? Адрэагаванне перажыванняў, аднаўленне навыку клопату пра сябе, планаванне найбліжэйшай будучыні і дакладнае разуменне, што будзе адбывацца, фарміраванне такіх паводзін, калі чалавек здольны даць рады.

Другая стратэгія – працяглая рэабілітацыя. Выбіраецца ў выпадку хранічнага гвалту, які часцей за ўсё адбываўся ў сям’і. Далей мы ацэньваем, наколькі дзіця зараз знаходзіцца ў бяспецы. Зыходзячы з уліку ўсіх рэсурсаў – асобасных, сямейных, сацыяльных – мы будуем стратэгію працы і ўзаемадзеяння. Добра, калі ў тэрапію час ад часу будуць падлучацца блізкія – гэта ўмацуе давер паміж імі і дзіцём, а таксама будзе прасторай, дзе яны разам вучацца спраўляцца і кіраваць паводзінамі. Сюды ж можа ўключацца трэнінг бацькоўскіх навыкаў (уважлівае ўзаемадзеянне з дзіцём, эмацыйная рэгуляцыя, камунікацыя, дысцыпліна, развіццё сацыяльных і кагнітыўных навыкаў і г.д.).

Вядома, гэта далёка не вычарпальны матэрыял, а хутчэй першыя арыенціры, на што варта звярнуць увагу, выбудоўваючы мэты і стратэгію тэрапіі. Даць дакладны рэцэпт немагчыма, але ўявіць некаторыя інгрэдыенты – так. У рабоце мы рэкамендуем выкарыстоўваць розныя тэхнікі, зыходзячы з асаблівасцей самога дзіцяці і сітуацыі.

Як выбудоўваць тэрапеўтычную працу з дзіцём?

Дзеці, якія перажылі сэксуалізаваны гвалт, могуць праяўляць супраціў і недавер у працы з псіхолагам. Часта гэта адбываецца з-за таго, што яны не разумеюць, для чаго гэта трэба – гэта выклікае трывогу. Адна з першых задач псіхолага – растлумачыць для чаго, як доўга і што будзе адбывацца на іх сустрэчах, растлумачыць правы дзіцяці, адказаць на ўсе хвалюючыя яго/яе пытанні і пераканацца, што страх, які тычыцца будучых сустрэч, знізіўся, а ў дзіцяці з’явілася дакладнае разуменне, што будзе адбывацца.

Псіхатэрапеўт павінен праяўляць такт і адчувальнасць да праблем дзіцяці, дазваляючы ёй ці яму прымаць удзел у псіхатэрапіі ў камфортным тэмпе. Пры гэтым важна захоўваць мэты сваёй працы і тлумачыць іх дзіцяці – выбудоўваючы ўзаемадзеянне, важна знайсці гэты баланс.

Што яшчэ трэба памятаць пры працы з дзецьмі, якія перажылі сэксуалізаваны гвалт: у прыняцці стратэгіі працы адштурхвайцеся ад узросту дзіцяці, яго асабістых рэсурсаў, асаблівасцяў асобы, ад сацыяльнай сітуацыі; не дэманструйце шок, спалох ці жах – гэта можа яшчэ больш напалохаць дзіця; не дакранайцеся да дзіцяці, бо гэта можа ўспрымацца як пагроза; будзьце прадказальнымі і надзейнымі – выконвайце таймінг, загадзя абумоўленыя правілы – гэта дазволіць дзіцяці адчуць упэўненасць і павагу да межаў.

Галоўныя мэты пры рабоце з дзецьмі, якія перажылі сэксуалізаваны гвалт: садзейнічанне ўцягнутасці ў бягучыя задачы і будучыя мэты дзіцяці; развіццё рэалістычнай ацэнкі небяспекі і пабудова плана бяспекі; навучанне навыкам эмацыйнай і кагнітыўнай рэгуляцыі;  нармалізацыя посттраўматычнага стану і іншых сімптомаў эмацыйнага дыстрэсу; інтэграцыя траўматычнага досведу ў кантэксце жыцця і нармалізацыя ўспрымання ўласнага Я.

Якія падыходы і тэхнікі можна выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі?

Для эфектыўнай працы з дзецьмі і падлеткамі, якія перажылі гвалт, рэкамендуецца спалучэнне кагнітыўна-паводзіннай тэрапіі (КПТ) і экспрэсіўных формаў тэрапіі (гульнявая тэрапія, арт-тэрапія, пясочная тэрапія, казкатэрапія і г.д.). Такі падыход дае магчымасць комплекснай і цэласнай работы, улічваючы наступствы на розных узроўнях.

КПТ – метад, заснаваны на ідэі, што паміж думкамі, пачуццямі і паводзінамі існуе ўзаемасувязь. Падчас працы дзіця з псіхолагам разбіраюць гэтыя ўзаемасувязі, як пачуцці і думкі ўплываюць на паводзіны, правяраюць, ці адпавядаюць яны рэчаіснасці. Шукаюць шляхі, як можна іх змяніць, тым самым змяняючы якасць жыцця і аднаўляючы цэласнае ўспрыманне сябе і свету навокал. Для працы з дзецьмі і падлеткамі, якія перажылі гвалт, прымяняюцца тэхнікі траўмаарыентаванай кагнітыўна-паводзіннай тэрапіі, якая ўключае ў сябе некалькі крокаў: інфармаванне, кіраванне стрэсам, выказванне эмоцый і кіраванне афектам, кагнітыўнае ўменне даць рады, стварэнне гісторыі аб траўміруючай падзеі, кагнітыўная перапрацоўка, трэнінг кіравання паводзінамі і сумесныя сесіі «бацька-дзіця».

Экспрэсіўная тэрапія – від псіхалагічнай тэрапіі і інтэрвенцыі, заснаваны на ідэі свабоднага выказвання пачуццяў і перажыванняў праз сродкі гульнявой, пясочнай і арт-тэрапіі, а таксама іншых метадаў, якія ставяць мэтай знешняе выказванне ўнутраных перажыванняў. Гэтыя метады можна выкарыстоўваць паасобку ці разам. Пры правядзенні тэхнік неабходна быць вельмі ўважлівым да дзіцяці і яго стану, бо гэта вельмі інтэнсіўны працэс. Не варта сыходзіць у інтэрпрэтацыі, лепш сканцэнтравацца менавіта на тых сэнсах і адчуваннях, якія ў выявы ўкладвае дзіця, дазволіць яму вольнае выказванне ў бяспечнай прасторы. Паралельна вы пытаецеся ў дзіцяці, перафразуеце яго адказы, удакладняеце, ці так вы зразумелі і г.д. Такія практыкі дазволяць дзіцяці вызваліць перажыванні, разабрацца ў іх і паглядзець на сітуацыю шырэй.

Ужыванне метадаў КПТ з’яўляецца аптымальным выбарам для працы з дзецьмі школьнага ўзросту. Для дзяцей малодшага ўзросту можа быць карысна прымяненне экспрэсіўных метадаў.

Як выбудоўваць тэрапеўтычную працу з бацькамі?

Працу з бацькамі і сям’ёй можна лічыць адным з асноўных кірункаў працы псіхолага. Тое, як дзіця будзе спраўляцца з перажытым, яго/яе псіхалагічны камфорт і бяспека шмат у чым залежаць менавіта ад сям’і. Часта спецыяліст наадварот імкнецца працаваць толькі з дзіцём, бо гэта ў нейкай ступені прасцей у кароткатэрміновай перспектыве. Але значна больш эфектыўна для доўгатэрміновага эфекту ўключаць у стратэгію дапамогі працу з сям’ёй.

Падчас працы з дзіцём важна ацаніць сямейную сітуацыю, успрыманне здарэння і дзіцяці, псіхалагічныя рэсурсы. Ізноў жа важны момант – гвалт адбыўся па-за сям’ёй ці ў ёй. Важна задзейнічаць хаця б аднаго члена сям’і ў працу і трымаць у курсе прагрэсу. Можна ладзіць сумесныя сесіі.  Бацькі з’яўляюцца доўгачасовым рэсурсам дапамогі, бо псіхалагічная дапамога можа рана ці позна скончыцца. Вы разам вучыцеся эмацыйным і кагнітыўным стратэгіям даваць рады, разбіраеце, як у цэлым функцыянуе сям’я, і вучыцеся эфектыўнай камунікацыі. Калі навыкі становяцца больш устойлівымі і сям’я ўмее іх прымяняць на практыцы, можна заканчваць тэрапію. Важна, каб сям’я навучылася эфектыўна абыходзіцца і камунікаваць без вас самастойна.

Яшчэ адзін пункт на працягу ўсяго працэсу працы з бацькамі – этыка спецыяліста. Важна, каб псіхолаг не выяўляў нецярпімасці і не дзейнічаў на аснове ўласных перакананняў і фантазій, калі ён/яна сутыкаецца з супярэчлівымі пачуццямі аднаго з бацькоў, які не ўчыняў гвалту. У зносінах не трэба пераследаваць і караць бацькоў, але і не ігнараваць відавочнае жорсткае абыходжанне з дзіцём, робячы акцэнт на тым, што гэта не нармальна. Поспех аднаўлення дзіцяці таксама шмат у чым залежыць ад падтрымкі і прыняцця бацькоў.

Кнігі для спецыялістаў, якія працуюць з тэмай сэксуалізаванага гвалту

Эліяна Джыл. Дапамога дзецям, якія пацярпелі ад гвалту. Інтэгратыўны падыход

Ад выдавецтва: у сваёй кнізе Эліяна Джыл разглядае стратэгіі псіхалагічнай дапамогі пацярпелым ад гвалту дзецям і паказвае, як сфармаваць сваю ўласную, унікальную стратэгію з улікам асаблівасцяў канкрэтнага дзіцяці і канкрэтнага сацыяльнага і сямейнага кантэксту. Яна піша пра тое, якія метады, у якім спалучэнні і калі лепш ужываць, як сфармаваць надзейны тэрапеўтычны кантакт, як працаваць з дзецьмі, якія не размаўляюць, як «выцягваць» траўматычныя ўспаміны і што потым з імі рабіць. Яна апісвае і тое, як псіхолаг павінен паводзіць сябе ў рамках расследавання справы аб гвалце, як праводзіць дыягнастычную працу і ўлічваць яе вынікі ў наступных сесіях.

 

Аляксандр Капыцін. Арт-тэрапія ахвяр гвалту

Ад выдавецтва: навучальны дапаможнік прысвечаны метаду арт-тэрапіі, які выкарыстоўваецца ў дачыненні да складаных выпадкаў псіхатэрапеўтычнай практыкі, у прыватнасці падчас працы з людзьмі, якія пацярпелі ад разнастайных форм гвалту: ад фізічных траўмаў у дзяцінстве да сэксуальнага гвалту. На канкрэтных прыкладах паказана выкарыстанне розных методык арт-тэрапіі: маляванне пальцамі, маляванне на люстэрку, на ляльцы, стварэнне калажаў, фатаграфій і інш.

 

Н. А. Зіноўева, Н. Ф. Міхайлава.  Псіхалогія і псіхатэрапія гвалту.  Дзіця ў крызіснай сітуацыі

Ад выдавецтва: у кнізе раскрытыя асаблівасці посттраўматычных стрэсавых расстройстваў і псіхалагічных траўм у дзяцей, апісана фенаменалогія гвалту (эмацыянальны, псіхалагічны, фізічны, сэксуальны, гвалт у школе), а таксама формы і метады працы з дзецьмі, якія перажылі гвалт (дыягностыка, прэвенцыя, індывідуальная, групавая і сямейная псіхатэрапія, трэнінгавыя праграмы).

Памятай, як бы складана не было - дапамога побач

Cup